Swedish Presidency of the European Union

Факты


 

У чым заключаецца старшынства

Краіна, якая з’яўляецца старшынёй Еўрапейскага саюза, выконвае функцыю кіравання Саветам Еўропы і арганізацыі яго працы. Старшынства таксама заключаецца ў тым, каб ажыццяўляць кантакты паміж Саветам Еўропы і іншымі ўстановамі ЕС і прадстаўляць ЕС на сустрэчах з трэцімі краінамі.

Найбольш важнай задачай краіны-старшыні ЕС з’яўляецца кіраванне і арганізацыя працы Савета Еўропы. Яна базуецца на штогадовай рабочай праграме, якая выходзіць кожны студзень. Да гэтай праграмы краіна-старшыня ЕС дадае свае ўласныя прыярытэтныя задачы. Яна таксама павінна быць гатовая дзейнічаць ва ўмовах  ўзнікнення нечаканых праблем і міжнародных крызісных сітуацый.

Краіна-старшыня ЕС адказвае за падрыхтоўку павесткі дня, скліканне сустрэч і забеспячэнне ўсіх краін адпаведнымі матэрыяламі. Хоць Савет Еўропы фармальна і прымае ўсе рашэнні, аднак большая частка працы робіцца падчас падрыхтоўкі да гэтых сустрэч. Рашэнні ў Савеце Еўропы часта маюць фармальны характар, паколькі краіны-сябры ЕС ужо прымаюць праект зараней.

Падрыхтоўчая праца ажыццяўляецца ў Камітэце сталых прадстаўнікоў і ў амаль 160 камісіях і рабочых групах. Падчас кожнага старшынства ў гэтых групах адбываецца каля 3000 разнастайных сустрэч у рамках Еўрасаюза. Краіна-старшыня ЕС таксама кіруе працай гэтых груп.

Іншай важнай задачай падчас старшынства з’яўляецца падрыхтоўка кампрамісных прапаноў і пасярэдніцтва паміж краінамі-сябрамі ЕС. Краіна-старшыня, у адрозненні ад іншых сябраў Еўрасаюза, мусіць, такім чынам, у першую чаргу адстойваць не сваю ўласную пазіцыю па пытанні, а хутчэй імкнуцца да прымірэння поглядаў іншых краін-сябраў ЕС з мэтай прыйсці да агульнага рашэння.

Таксама ў задачу краіны-старшыні ЕС уваходзіць ажыццяўленне кантактаў паміж Саветам Еўропы і іншымі ўстановамі Еўрасаюза. Маецца на ўвазе, што краіна-старшыня ЕС выступае прадстаўніком ўсіх іншых краінаў-сябраў ЕС у Еўрапарламенце, Еўрапейскай Камісіі і  іншых ўстановах.

На пачатку старшынства краіна прэзентуе сваю рабочую праграму Еўрапарламенту, Еўрапейскаму сацыяльна-эканамічнаму камітэту і Камітэту рэгіёнаў.

Краіна-старшыня таксама праводзіць перамовы з Еўрапарламентам перад прыняццем новага заканадаўства. Міністры краіны-старшыні прымаюць удзел у сесіях Еўрапарламента ў фармаце “пытанне-адказ”.

Краіна-старшыня ЕС таксама супрацоўнічае з Еўрапейскай Камісіяй па некаторых пытаннях, напрыклад, падрыхтоўцы перамоў па міжнародных гандлёвых пагадненнях.

Старшыня ЕС адказвае за каардынацыю знешніх стасункаў і прадстаўляе ЕС на сустрэчах з краінамі, якія не ўваходзяць у склад Еўрасаюза, а таксама ў міжнародных арганізацыях. Краіна-старшыня ў сваёй працы карыстаецца падтрымкай Генеральнага Сакратара Савета Еўропы Хаўера Саланы.