Arbeta & bo i Sverige / Work & Live in Sweden

Заяўка на від на жыхарства

Від на жыхарства дае права падарожнічаць і жыць у Швецыі на працягу азначанага тэрміну. Від на жыхарства можа быць часовым і пастаянным. Для часовага знаходжання ў краіне, якое перавышае 90 дзён, на падставе працы, вучобы або візіту, неабходна падаць заяўку на від на жыхарства. Для таго каб працаваць у Швецыі, неабходна таксама атрымаць дазвол на працу.

 

Від на жыхарства можна атрымаць на наступных падставах:

уз’яднанне з сям’ёй у Швецыі
 навуковыя даследаванні
 вучоба для студэнтаў
 прыватнае прадпрымальніцтва

 


УВАГА!

 

20 траўня былі ўведзены змены ў парадак афармлення віда на жыхарства і дазволу на працу.

 

Заяўнікі са станоўчым рашэннем будуць атрымліваць картку на від на жыхарства (Uppehållstillståndskort).

 

Усе краіны ЕС павінны ўвесці карткі дадзенага тыпу з 20 траўня 2011 года. Карткі заменяць папяровы варыянт віда на жыхарства, які раней уклейваўся ў пашпарт. Яны прадугледжваюць той жа стандарт бяспекі, што і пашпарт. У картках маецца чып з біяметрычнымі дадзенымі – фотаздымкам, адбіткамі двух пальцаў і подпісам уласніка. Фотаздымкі і адбіткі пальцаў не будуць захоўвацца ў аніякім рэестры, але будуць чытацца толькі з дапамогай чыпа.

 

Дадзеная карта выпускаецца Міграцыйнай службай Швецыі і выдаецца Пасольствам Швецыі ў Мінску.

 

Пры праходжанні пашпартнага кантролю неабходна будзе прад’яўляць і пашпарт, і карту на від на жыхарства. 
 
Папяровы варыянт будзе з цягам часу поўнасцю заменены на карткі на від на жыхарства да траўня 2015 года. Да гэтай даты папяровыя віды на жыхарства будуць дзейнічаць да таго тэрміна, які на іх пазначаны.

 

Для атрымання карткі на від на жыхарства заяўнікам будзе неабходна звярнуцца ў Пасольства для таго, каб пакінуць свае біяметрычныя дадзеныя (фотаздымак на фотастанцыі Пасольства і адбіткі пальцаў).

 

Прыём заяўнікаў па гэтым пытанні адбываецца па серадах з 9 да 13 гадзін раніцы па папярэднім запісе.

 

Пры сабе Вы павінны мець пашпарт, або іншы дакумент, які пацвярджае Вашу асобу.

 

Тэрмін выраблення і дастаўкі карткі складае каля 2-3 тыдняў.

 

У сувязі з гэтымі зменамі перанос віда на жыхарства пры замене старога пашпарта на новы больш немагчымы.

 

Пасольства раіць заяўнікам, якія маюць від на жыхарства і збіраюцца прыехаць у Беларусь для замены пашпарта, загадзя, да ад’езду са Швецыі, звярнуцца ў бліжэйшы аддзел Міграцыйнай службы для афармлення карткі.

 

У выпадку страты карткі на тэрыторыі Беларусі, Вам неабходна будзе звярнуцца ў Пасольства Швецыі для атрымання новай. Для гэтага неабходна будзе ізноў пакінуць свае біяметрычныя дадзеныя і дачакацца дастаўкі новай карткі са Швецыі. Абавязкова трэба будзе прад'явіць даведку з міліцыі пра страту карткі на від на жыхарства і яе пераклад на англійскую/шведскую мову.

 

Калі картка была страчана ў Швецыі або на тэрыторыі ЕС, звяртайцеся ў бліжэйшае да Вас аддзяленне Міграцыйнай службы.

 

Чытайце больш інфармацыі па англійску тут.

 

Новая паслуга дае магчымасць кантраляваць статус сваёй заяўкі праз Інтэрнет.

 

Цяпер Вы маеце магчымасць самастойна кантраляваць статус Вашай заяўкі. Для гэтага Вам неабходна ўвесці нумар Вашай справы ў поле на сайце Міграцыйнай службы. Паслуга, аднак, абмежаваная і ахоплівае толькі тыя рашэнні, што былі прынятыя на працягу 14 апошніх дзён. Абнаўленне інфармацыі адбываецца штодзённа.