“Еўрапейскі Саюз глыбока засмучаны адмовай Вышэйшага Суда Рэспублікі Беларусь задаволіць апеляцыю сп. Васіля Язэпчука і сп. Андрэя Жука, асуджаных на смерць гэтым летам.
Еўрапейскі Саюз яшчэ раз нагадвае пра сваю прынцыповую пазіцыю ў дачыненні смяротнага пакарання. Мы выступаем супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і акалічнасцях і настойліва заклікаем да поўнай яго адмены. Мы ўпэўнены, што адмова ад смяротнага пакарання мае рашучае значэнне для абароны чалавечай годнасці і прагрэсіўнага развіцця правоў чалавека. Еўрапейскі Саюз лічыць такое пакаранне бязлітасным і антыгуманным. Яно ніколі не было эфектыўным сродкам стымлівання людзей ад парушэння закону, а любая памылка правасуддзя, непазбежная ў любой прававой сістэме, з’яўляецца непапраўнай. Па гэтай прычыне смяротнае пакаранне было скасаванае ва ўсіх краінах Еўрапейскага Саюза.
Еўрапейскі Саюз таксама нагадвае пра рэзалюцыю, прынятую 18 снежня 2008 года Генеральнай Асамблеяй ААН, якая пацвярджае рэзалюцыю ад снежня 2007 года і прама заклікае ўсе краіны, што дагэтуль практыкуюць смяротнае пакаранне, увесці мараторый на яго прымяненне ў якасці першага кроку на шляху да поўнай яго адмены.
Мы заклікаем улады Беларусі змякчыць пакаранне асуджаным на смерць.
Гэтыя два выпадкі супярэчаць прадпрынятым у апошнія гады беларускімі ўладамі захадам па паступовай адмове ад смяротнага пакарання. Еўрапейскі Саюз працягвае заклікаць Беларусь увесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання як крок да яго поўнай адмены і вітае распачаты з Беларуссю дыялог па гэтым пытанні.
Краіны-кандыдаты ў Еўрасаюз Турцыя, Харватыя* і былая югаслаўская рэспубліка Македонія*, краіны-ўдзельніцы Працэсу стабілізацыі і асацыяцыі і патэнцыйныя краіны-кандыдаты Албанія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя і Сербія, краіны Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю і сябры Еўрапейскага эканамічнага рэгіёну Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, а таксама Украіна і Рэспубліка Малдова далучаюцца да гэтай заявы.
*Харватыя і былая югаслаўская рэспубліка Македонія працягваюць заставацца краінамі-ўдзельніцамі Працэсу стабілізацыі і асацыяцыі.”